машыны для ўборкі і першаснай апрацоўкі лёну-даўгунцу. Да іх адносяцца лёнаўборачныя камбайны, ільноцерабілкі, падборшчыкі-ачэсвальнікі, пераварочвальнікі і ўспушвальнікі льностужак, рулонныя прэс-падборшчыкі трасты.
Ільноўборачны камбайн — прычапны да трактара «Беларусь», бывае з вязальным апаратам або з рассцілачным шчытом. Адначасова цярэбіць лён, ачэсвае насенныя галоўкі, звязвае льносаломку (ачасаныя сцёблы) у снапы або рассцілае яе стужкай па полі, збірае ачасаныя галоўкі ў прычэп. Насенныя галоўкі сушаць актыўным вентыліраваннем або з дапамогай сушыльнай устаноўкі, перапрацоўваюць на малатарні-веялцы. Ільноцерабілка (звычайна франтальная навясная) вырывае лен і рассцілае яго стужкаю на полі. Падборшчыкі-ачэсвальнікі падымаюць прасохлыя стужкі лёну, ачэсваюць насенныя галоўкі, пераварочваюць ачасаныя сцёблы, рассцілаюць іх зноў на льнішчы і збіраюць ачасаныя галоўкі ў бункер. Ворах ад падборшчыка-ачэсвальніка возяць трактарнымі прычэпамі або аўтамабілямі на перапрацоўку на малатарні-веялцы. Для паскарэння прасыхання льносаломы выкарыстоўваюць пераварочвальнік або ўспушвальнік стужак. Рулонны прэс-падборшчык трасты падбірае трасту і звязвае яе ў кіпы-рулоны. Складаецца з падборачнага барабана, вязальнага апарата, прэс-камеры. Пры выкарыстанні падборшчыкаў, якія падбіраюць і звязваюць трасту ў снапы, апошнія абмалочваюць ільномалатарнямі. Яны ачэсваюць снапы, пераціраюць галоўкі, выдаляюць насенне, папярэдне ачышчаюць яго. Завяршае тэхнал. працэс перапрацоўка трасты на валакно з дапамогай ільнотрапальных і кудзелепрыгатавальных машын (гл.Ільноапрацоўчыя машыны).